У Гродне ўратуюць ад разбурэння капліцу генерала Русаў на вайсковых могілках

15 августа 2022 в 09:51
Поделиться
Класснуть
Отправить

Лютэранская капліца-пахавальня генерал-маёра Аляксандра Русаў на Вайсковых могілках на вул. Белуша дачакалася аднаўлення. Працы будуць праведзеныя ў межах бягучага рамонту, каб захаваць пабудову на будучыню.

Капліца Русаў — зараз найстарэйшы аб’ект на вайсковых могілках — знаходзіцца ў кепскім стане, з яе абвальваецца плітка. Яна была збудаваная ў стылі эклектыкі з элементамі рэтраспектыўна-гатычнага стылю.

Грошы на аднаўленне капліцы шукала лютэранская абшчына з 2019 года. Зараз фінансаванне вылучылі ў рамках дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021–2025 гг. Аб'ём работ запланаваны невялікі, але патрэбны для таго, каб капліца працягнула існаваць, распавяла Urban Hrodna архітэктар Алена Шчасная, навуковая кіраўнічка аб'екта.

Галоўнае — абараніць капліцу ад вады

У капліцы збіраюцца аднавіць дах, кладкавыя швы і вадасцёкавую сістэму: калісьці вадасцёкі зніклі і зараз вада сцякае проста па сценах, руйнуючы іх. Таксама зробяць адмостку па перыметры капліцы, заменяць страчаныя цэглу на кутніх карнізах, зашкляць захаваныя металічныя пераплёты вокнаў, адрэстаўруюць металічныя дзверы.

Таксама плануюць узнавіць страчаныя каменныя крыжы з ружовага граніту і дэкаратыўныя разеткі з пясчаніку паводле захаваных аналагаў, магчыма аднаўленне ўваходнага ганка.

Калі хопіць грошай, зробім больш. Але ўсё даражэе, калі праграма [«Культура Беларусі»] фармавалася, цэны на матэрыялы былі адны, зараз — іншыя. Будзем глядзець, што трэба ў першую чаргу, — патлумачыла Алена Шчасная.

Чаму важна захаваць капліцу

Зараз нашчадкаў Русаў не засталося, сачыць за пахаваннем няма каму. У 2019 годзе на капліцы з’явіліся таблічкі пра небяспеку падыходзіць бліжэй за 10 м — з помніка абвальвалася плітка і цэгла. Сродкі на рэстаўрацыю тады шукала сучасная гродзенская абшчына лютэран, але рэстаўрацыя не пачалася.

Капліца не толькі найстарэйшы аб'ект на могілках, але і частка архітэктурнай спадчыны горада, якую важна захаваць.

Архітэктурная спадчына — гэта маркеры развіцця горада ў розныя перыяды і стагоддзі, якія адлюстроўваюць узровень жыцця гараджан, тэхналогіі будаўніцтва, нацыянальны склад насельніцтва і канфесіі, якія пераважаюць, правілы ўшанавання і захавання памяці тых, хто пайшоў у іншы свет, — лічыць Алена Шчасная.

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter.