Узыдзе Сонца веры вясной

Информация неактуальна
Поделиться
Отправить
Класснуть

З 25 сакавіка ў Музеі гісторыі рэлігіі экспануецца выстава «Узыдзе Сонца веры вясной».

У хрысціянскім календары першым радасным днём перад доўгачаканай урачыстасцю Уваскрэсення Хрыстова з’яўляецца Вербная нядзеля. “І многія пасцілалі адзежу сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецце з дрэваў і ўсцілалі ім дарогу”. Так віталі ўезд Ісуса Хрыста ў Іерусалім, паводле Евангелля ад Марка, яго сучаснікі.

Калі хрысціянства прыйшло на зямлю Беларусі, то менавіта вярба, галінкі якой найхутчэй пакрываюцца гатовымі да жыцця пупышкамі, стала адметным хрысціянскім сімвалам, які беларускі народ пранёс праз усю сваю вялікую гісторыю.

Свята Уваскрэсення Хрыстова самым цесным чынам звязана са старазапаветнай Пасхай (ад яўрэйскага слова «песах», што значыць «праходзіць міма»). Іудзейскае свята было ўстаноўлена ў памяць збавення яўрэяў ад егіпецкай няволі. Гасподзь вывеў народ Свой з палону, каб з яго вырабіць Збавіцеля Свету, Месію, якім і быў Ісус з Назарэта, Сын Чалавечы і Сын Божы. За святочнай пасхальнай трапезай елі спецыяльна прыгатаванае ягня з горкімі травамі. Менавіта напярэдадні гэтага свята Гасподзь Ісус Хрыстос быў распяты на крыжы. Пра падзеі Уваскрэсення Хрыстова расказваюць усе евангелісты.

Калі Гасподзь Ісус памёр на крыжы, вучні Яго знялі Яго цела з крыжа і паклалі ў пахавальнай пячоры, якую падрыхтаваў для сябе ў сваім садзе Іосіф Арымафейскі, вучань Хрыста і вельмі заможны чалавек (у іудзеяў быў звычай не хаваць цела ў зямлі, а хаваць іх у высечаных пячорах). Абрад пахавання прыйшлося здзейсніць спехам, таму што з вечара наступала іўдзейская Пасха (суткі тады лічыліся з вечара), калі па законе не належала займацца ніякімі справамі. Калі ж, па заканчэнні свята, жанчыны з ліку вучняў Хрыста прыйшлі да пячоры, каб завяршыць абрад пахавання, то яны ўбачылі, што вялізны камень, які закрывае ўваход у пячору, адвалены, і на ім сядзіць анёл Гасподні. Анёл сказаў жанчынам, што Ісуса тут няма, Ён Уваскрэс. Затым уваскрэслы Гасподзь з’явіўся жанчынам, а праз некаторы час — і бліжэйшым Сваім вучням, апосталам, якія спачатку не паверылі аповеду жанчын пра ўваскрэсенне; цяпер жа апошнія іх сумненні зніклі.

Божай славе Уваскрэслага Госпада адпавядае і асаблівая ўрачыстасць богаслужэння. З апостальскіх часоў Царква праводзіць Пасхальнае набажэнства ўначы. Пасхальныя ўрачыстасці пачынаюцца апоўначы з хрэснага ходу вакол храма з гучным спевам, з харугвамі і ўсяночным богаслужэннем. У экспазіцыі: харугвы, якія належалі Гродзенскаму праваслаўнаму Сафійскаму брацтву.

Святар абвяшчае аб Уваскрэсенні Хрыста і пачынае святочную літургію. Святары ў святочным аблачэнні. На выстаўцы аблачэнне праваслаўнага дыякана, святара, епіскапа, каталіцкага святара, іх колер сімвалізуе радасць і трыумф.

На працягу Велікоднага тыдня ў храмах адпраўляюцца богаслужэнні святарамі, апранутымі ў лепшае святочнае адзенне, з урачыстымі песнапеннямі, малітвамі і звонамі. Чырвонае адзенне, згодна з рускай традыцыяй, носіцца на працягу ўсяго Велікоднага перыяду.

Кантактныя тэлефоны: +375 (152) 74-02-72, +375 (152) 74-48-89.