29 красавіка а 17:30 у Гродзенскай выставачнай зале адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы работ выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава «3/4 стагоддзя», прысвечанай 75-годдзю каледжа.
3/4 стагоддзя — менавіта столькі часу прайшло з дня заснавання Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава. За гэты час каледж набыў статус адной з вядучых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі мастацкага профілю краіны. Менавіта тут першыя ўрокі прафесійнага майстэрства атрымалі такія народныя мастакі Беларусі як Міхаіл Савіцкі, Май Данцыг, Віктар Грамыка, Арлен Кашкурэвіч, Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі, Іван Міско, Леў Гумілеўскі, Анатоль Бараноўскі, Васіль Шаранговіч. Сёння аб гэтых людзях напісаны манаграфіі, а іх творчыя набыцці сталі тэмамі навуковых даследванняў.
На выставе будуць прадстаўлены больш за 50 творчых работ выпускнікоў каледжа ў такіх відах выяўленчага мастацтва як жывапіс, графіка, скульптура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацкія творы выпускнікоў каледжа адлюстроўваюць шырокі дыяпазон творчых манер і кампазіцыйных схем, а таксама ўвагу да каляровай гамы, тону, прасторавай глыбіні, пластыкі і яскравай вобразнасці. Маючы асабісты стыль кожны выпускнік дэманструе свой талент і ўнікальнасць. Работы мастакоў ілюструюць сувязь часоў, пераемнасць традыцый і ўзнікненне інавацый у беларускім выяўленчым мастацтве.
Важнай часткай выставы стане сустрэча з выпускнікамі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава, якія раз'ехаліся па розных кутках Беларусі. Менавіта яны займаюцца узбагачэннем духоўнай нівы і фарміраваннем беларускага культурнага асяроддзя. Мы спадзяемся, што выстава «3/4 стагоддзя» стане выдатным падарункам для тых, каму «Глебаўка» стала родным домам.
Тэлефоны для даведак: +375 (152) 62-29-82, +375 (29) 549-79-05.