Настаўніца Анастасія Трафімчык выйграла у конкурсе «Гарадзенская беларусачка-2017»

29 апреля 2017 в 13:08
Поделиться
Класснуть
Отправить

У зале гарадскога Дома культуры гледачы сталі сведкамі сапраўднага свята прыгажосці, таленту і беларускасці. А яшчэ — інтрыгі: сем дзяўчат і адна карона. Каму яна дастанецца? У выніку званне «Гарадзенская беларусачка - 2017» атрымала настаўніца пачатковых класаў гродзенскай СШ №8 Анастасія Трафімчык.

Перад тым як стала вядома, каму дастанецца карона, суарганізатар конкурсу тэлеканал «Гродна Плюс» запрасіў Анастасію з восені паспрабаваць сябе ў ролі вядучай адной з ранішніх праграм, якая будзе весціся на беларуская мове.

Дыпломам другой ступені адзначана Ганна Шаматовіч, на трэцім месцы — Аляксандра Радковіч. Абедзве дзяўчыны — студэнткі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ацэньвала талент, прыгажосць удзельніц мужчынскае журы, якое ўзначаліў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Вайтуляніс.

Фіналу конкурса папярэднічала напружаная праца і падрыхтоўка: прыгажуні знаёміліся с нацыянальнай кухняй, каб на самім конкурсе ўразіць журы стравамі, вартымі заняць пачэснае месца на княжым піры.

Наведвалі спартыўную залу, каб быць у добрай форме. І гэта ім асабліва спатрэбілася падчас выканання харэаграфічнай кампазіцыі. Яе сёлета вырашылі дапоўніць сучаснымі элементамі, прынамсі, запазычанымі з чарлідынгу. У выніку спалучэнне беларускай музыкі і спартыўных танцаў атрымалася па-асабліваму прыгожым, а ўдзельніцы выдатна справіліся са складанымі элементамі: будавалі вежу, садзіліся на шпагат і выконвалі кола.

Асабліва пільна гледачы сачылі за адказамі дзяўчат падчас бліц-апытання ад журы: тут трэба было прадэманстраваць і кемлівасць, і добрае валоданне беларускай мовай.

Здзівіў і зачараваў самы насычаны творчасцю конкурс: відэавізітоўкі ўдзельніц і іх прадстаўленне на сцэне. Задача — спалучыць беларускія традыцыі, культуру і сучасныя віды мастацтва. Карына Швораб з Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ператварылася ў міма, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Елізавета Тарасевіч спалучыла ў сваім нумары спартыўны танец і класічную харэаграфію. Незвычайны нумар, тэатральны і відовішчны, падрыхтавала Алена Корс, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Па-новаму арганізатар конкурсу Цэнтр культуры, яго дырэктар Андрэй Чэпялюк і галоўны рэжысёр Вольга Багдановіч падыйшлі да традыцыйнага элемента – дэфіле. Сёлета дзяўчаты выйшлі ў строях дызайнера Анастасіі Фальковіч, якія яскрава дэманструюць, як прыгожа можа выглядаць сучаснае адзенне з беларускімі матывамі. І як прывабна выглядаюць у ім дзяўчаты. Такую вопратку хочацца насіць!

Адначасова з журы ўдзельніц ацэньвалі і гледачы ў зале. У выніку прыз глядацкіх сімпатый атрымала Алена Корс. Яшчэ адзін глядацкі прыз – у навучэнкі Гродзенскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Вольгі Ахрамені. Яна набрала найбольшую колькасць галасоў падчас інтэрнэт-галасавання. На старонцы конкурсу ўсе жадаючыя маглі ацаніць фотагенічнасць прыгажунь і адначасова прафесіяналізм фатографа Сяргея Марозава. Створаныя шляхетныя вобразы яшчэ раз паказалі, што беларусачка – гэта не толькі простая сялянка, але і вытанчаная знатная дзяўчына. А ўвесь конкурс зноў жа падкрэсліў: беларуская культура сучасная, цікавая, шматгранная.

Гродзенская праўда

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter.