У нашым тэатры ідуць рэпетыцыі спектакля «За двума зайцамі» украінскага пісьменніка і тэатральнага дзеяча Міхайлы Старыцкага. Ставіць спектакль запрошаны рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Міхась Краснабаеў. Ён адказаў на некалькі пытанняў.
— Міхась Дзмітрыевіч, раскажыце трошкі аб сабе.
— Нарадзіўся я ў Гродзенскай вобласці, у Шчучынскім раёне. Да арміі жыў тут. Потым бацькі пераехалі ў Вілейскі раён. Пасля арміі паступіў у інстытут. Зараз ён называецца акадэміяй мастацтваў. А тады гэта быў БДТМІ (Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут). Скончыў курс народнай артысткі СССР Аляксандры Іванаўны Клімавай і Андрэя Валянцінавіча Карсакоўскага. З 1985 года служу ў Нацыянальным акадэмічным тэатры Якуба Коласа ў Віцебску. Працаваў артыстам. Потым пачаў сам ставіць спектаклі. У 2001 годзе прайшоў рэжысёрскую стажыроўку ў Маскве ў народнага артыста Расіі, прафесара Пятра Фаменкі. З 2004 года перайшоў на пасаду рэжысёра-пастаноўшчыка.
— Стаць акцёрам — мара дзяцінства?
— Так. Калісьці, яшчэ ў школе, разам з сябрамі рабілі канцэрты. Я нават невялічкія п’есы пісаў, разыгрывалі іх. Атрымліваў задавальненьнне, кайф, калі на сцэну выходзіў, альбо калі гледачы раптам зарагочуць, ці ўважліва слухаюць... Дзеля гэтага артысты працуюць. Гэта як наркотык.
— Вы і рэжысёр, і акцёр. Что вам больш па душы?
— Канешне, гэта розныя прафесіі. Акцёр адказвае толькі за сябе і стварае вобраз аднаго чалавека. А рэжысёр стварае спектакль, стварае своеасаблівы сусвет. Рэжысура — гэта больш складаная, больш цяжкая праца. Як акцёр, ты адказваеш толькі за сябе. Будзь прафесіяналам і ўсё будзе нармальна. А рэжысёр павінен ведаць больш, добра валодаць прафесіяй, і, у некаторай ступені, псіхолагам быць. А наўогул жа, і акцёрству і рэжысуры трэба вучыцца ўсё жыццё, даказваць увесь час, што маеш права гэтым займацца. Час бяжыць наперад так імкліва, што толькі крышачку спыніўся, а гэты цягнік імчыць далей, а ты застаўся.
— Як вас сустрэў наш тэатр?
— Вельмі добра. Дзякаваць Богу, усе працуюць уважліва, дакладна, атмасфера прыязная. Мне вельмі падабаецца.
— Напэўна вы не адзін раз раней бывалі ў Гродна?
— Так, канешне. Я, дарэчы, свой першы ў жыцці спектакль глядзеў менавіта ў Гродна. Гэта было яшчэ ў старым будынку тэатра (сёняшні тэатр лялек). Тады на гастролях у Гродна быў Брэсцкі тэатр, і мы глядзелі знакаміты іх спектакль «Брэсцкая крэпасць». Менавіта тады я захапіўся тэатрам. Памятаю, як потым са службовага ўвахода выходзілі акцёры, а мы глядзелі на іх як на «небажыцеляў».
А Гародню я вельмі люблю. Гэта, сапраўды, такі заходні, еўрапейскі горад. І па адчуванню такі невялікі, прыгожы, утульны. Мне вельмі добра тут.
— Апошні ваш спектакль на віцебскай сцэне быў па творы Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»?
— Так. Мне вельмі падабаецца Караткевіч. Маім першым спектаклем, які я паставіў яшчэ на малой сцэне тэатра Якуба Коласа, была «Вераб’іная ноч» — гэта пралог да рамана «Нельга забыць». Потым была «Ладдзя роспачы», «Леаніды не вернуцца назад» па раману «Нельга забыць» і зараз «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». У адрозненні ад іншых пісьменнікаў, Караткевіч паказаў, што мы не беларусы-лапатнікі, што наш народ мае вялікую цікавую гісторыю, багатую спадчыну.
— Вы часта звяртаецеся да нацыянальнай драматургіі. Гэта абумоўлена тым, што вы рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра, ці ўсё ж гэта свядомы зварот, душэўная патрэба?
— Канешне. Я — беларус. Усвядоміў гэта менавіта ў тэатры Якуба Коласа. Калі я прыйшоў, тэатрам кіраваў Валеры Мазынскі, і там была такая моцная нацыянальная плынь. Працавалі там Таццяна Мархель, Яўген Шыпіла, Тадэвуш Кокштыс, Валянціна Петрачкова і многія іншыя. Было такое асяроддзе, якое дапамагло мне многае зразумець і асэнсаваць.
— На вашай старонцы тэатральнага сайта запісана: «Чалавек носіць своё неба з сабой». Які сэнс вы ўкладваеце ў гэтыя словы?
— Гэта словы Гервасія Вылівахі з «Ладдзі роспачы». У гэтым ёсць вялікі сэнс. Усё, што мы нараджаем у творчасці, пэўныя прафесійныя рэчы — усё існуе для таго, каб выказаць, што ў цябе ў душы ёсць. Піяністу трэба, каб пальцы хутка бегалі, але калі душы няма, то застаецца толькі механіка. Так і ў тэатры.
Паважаныя гледачы, прэм'ера спектакля адбудзіцца 3 лістапада на вялікай сцэне Гродзенскага драмтэатра. Сардэчна запрашаем!
Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Гродно? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.