Этна-Friday у Гродна: выстава і ток-шоў пра натхненне народным мастацтвам.
22 лістапада дызайнеры і майстры абмяркуюць прысутнасць традыцыйнай культуры ў паўсядзённасці сучаснага гарадскога жыхара. Ток-шоў будзе папярэднічаць адкрыццё вернісажа «Этнапраект. Польска-беларускія этнаграфічныя практыкі ў маладым дызайне».
Буслы, зубры, васількі, саломка, рушнік з арнаментам… Музейныя экспанаты, тавары ва ўнівермагу ў аддзеле сувеніраў ці неабходныя рэчы для кожнага сучаснага чалавека?
Пакуль у Беларусі толькі-толькі пачынаюць асэнсоўваць сваю традыцыйную культуру, у суседніх краінах этнаграфічная спадчына займае ўсё больш месца ў паўсядзённасці гараджан.
Убачыць чалавека ў вышыванай кашулі альбо сукенцы на вуліцах Кіева ці Львова — звычайная з’ява. Ва Украіне вышыванку можна купіць нават у падземным пераходзе. У Польшчы распаўсюджаны крамы з прадметамі інтэр’ера, аддзеннем і многім іншым, зробленымі рукамі майстроў і дызайнераў паводле культурных матываў таго ці іншага рэгіёну. Самая старая сетка крамаў Cepelia працуе ўжо амаль 30 год.
Як беларускія творцы і вытворцы могуць адказаць на ўзрастаючы попыт на т. зв. этнадызайн? Як выкарыстоўваць культурную спадчыну сёння? Ці можа быць этнадызайн бізнэсам? Ці гэта справа за ідэю? Як зрабіць, каб саломка, буслы і вышыванкі сталі звычайным атрыбутам паўсядзённасці без вяртання ў «каменны век»?
Пра ўсё гэта гаворка пойдзе пад час ток-шоў «Саломка і буслы: разбураем стэрэатыпы!»
Ток-шоў спалучана з адкрыццём выставы «Этнапраект. Польска-беларускія этнаграфічныя практыкі ў маладым дызайне». Маладыя дызайнеры з Беларусі і Польшчы цягам двух тыдняў вандравалі па вёсках гістарычных рэгіёнаў абедзвюх краін, наведвалі лекцыі і майстар-класы па традыцыйнай культуры. У выніку ўдзельнікі пераасэнсавалі паняцце народнай, традыцыйнай культуры і стварылі свае праекты. У іх аб’ядналіся сучаснасць і традыцыя. На вернісажы будуць прадстаўлены працы ўдзельнікаў ІІ (2012 г.) і ІІІ выпускаў (2013 г.).
Выстава «Этнапраект. Польска-беларускія этнаграфічныя практыкі ў маладым дызайне» працягнецца да 1 снежня 2013 г..
Уваход: Br35.000.
Спецыяльны бонус для дзяцей і бацькоў: аўтарскі цмачыны майстар-клас ад Алены Трафімавай!
Дызайнер пакажа, як зрабіць цацачнага цмока з экалагічнай сыравіны. Усе матэрыялы і інструменты прадстаўляцца на месцы.
http://smoklatajacy.pl/
23 лістапада
Пачатак: 12:00,
Антыкафэ «Живое время» (вул. В. Траецкая, 48).
Уваход: Br60.000.
Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Гродно? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.