Выстава мае назву «Вежа». Вядома, што вежа — гэта архітэктурная збудаванне. Але гэта незвычайная, велічная пабудова, якая адразу вылучаецца сярод іншых, прыцягвае да сябе ўвагу, дамінуе над навакольным асяроддзем, падпарадкоўвае і арганізуе ўсю прастору навокал. Магутны цэнтр, вертыкаль, што надае сэнс гарызанталі і ўсім іншым лініям пейзажу. Вежа заўседы ўзвышалася над паселішчам (ратуша, кляштар, сабор…) і яе вобраз заварожваў.
Гэта месца, дзе віруюць містычныя з’явы, гуляюць прывіды, пакутуюць замураваныя прыгажуні альбо змагары за свабоду, чарадзеі і алхімікі гатуюць чароўнае зелле, філосафы пішуць трактаты…
Адзін з самых прыгожых і вядомых ва ўсім свеце — міф аб Вавілонскай вежы, якая будуецца і рушыцца адначасова, і будаўніцтва якой ніколі не будзе завершана. Мастакі ўсіх эпох, стыляў і накірункаў звярталіся да гэтай тэмы.
Аўтар выставы, Вікторыя Ільіна, прапануе гледачам свае варыяцыі Вавілонскай вежы. Майстэрні гарадзенскіх мастакоў знаходзяцца ў будынках старажытных вадацяжных вежаў. Гэты сюжэт вельмі блізкі мастачцы. Тут безліч творчых магчымасцяў. Яна выкарыстоўвае розныя камбінацыі формаў, фактур, спалучэнні колераў, графічныя сродкі. На выставе можна ўбачыць сілуэт аб’ёмнай вежы зроблены з тонкіх дроцікаў, кшталту традыцыйнага саламянага павука, што рабілі нашы бабулі.
Усе работы створаны на працягу мінулага года. Арганізатары выставы спадзяюцца, што яны зацікавяць гродзенскіх гледачоў.
Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Гродно? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.