Чаму жылыя дамы ў Гродненскай вобласці не здаюцца ў тэрмін?

11 июля 2022 в 10:07
Поделиться
Класснуть
Отправить

На сённяшні дзень у рэгіёне налічваецца 220 будынкаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. Больш за палову з іх чакае сваёй чаргі пяць і больш гадоў. Значная частка даўгабудаў мае высокую ступень гатоўнасці, паведамляе Звязда.

Трэба сказаць, што дынаміка па даўгабудах у вобласці ідзе на зніжэнне. Але праблема застаецца, бо кожны год з'яўляюцца новыя аб'екты, не здадзеныя ў тэрмін.

Пакуль не ўдаецца выканаць даручэнне Прэзідэнта па скарачэнні аб'ектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. Летась папрацавалі годна, і гэта быў адзін з найлепшых вынікаў па краіне. Аднак ільвіная доля з таго, што ўдалося зрабіць летась і за першы квартал сёлета, датычыцца аб'ектаў, якія зусім нядаўна ўвайшлі ў лік даўгабудаў. Няздадзенымі засталіся тыя, што чакаюць сваёй чаргі пяць і больш гадоў, — падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.

Як паказаў аналіз сітуацыі, «хвароба» закладваецца на этапе распрацоўкі праекта. Несвоечасовае ўнясенне змяненняў цягне дадатковыя фінансавыя страты.

Істотныя прэтэнзіі ёсць да распрацоўшчыкаў праектна-каштарыснай дакументацыі. Паводле даных Дзяржбудэкспертызы, па 147 аб'ектах былі выяўлены значныя парушэнні і недахопы. Пры гэтым часта парушаецца адзін з галоўных прынцыпаў — эканомнае расходаванне бюджэтных сродкаў. Такая сітуацыя назіраецца як на стадыі праектавання, так і выканання работ. Гэта сведчыць аб заніжаным кантролі і з боку заказчыкаў, у першую чаргу, упраўлення капітальнага будаўніцтва, і з боку саміх падрадчыкаў, — канстатаваў кіраўнік КДК Гродзенскай вобласці.

У ліку прычын з'яўлення даўгабудаў названы таксама нізкія тэмпы падрадных работ. Адзначалася, што па асобных аб'ектах няма дэталёвай прапрацоўкі крыніц фінансавання. Летась, напрыклад, увага аддавалася толькі тым дамам, якія нядаўна трапілі ў «чорны» спіс. Іх колькасць удалося знізіць амаль на 80 %. Між тым, большасць аб'ектаў засталіся замарожанымі, хоць ступень іх гатоўнасці дасягае
90 % і вышэй, а кансервацыя патрабуе дадатковых затрат.

Але і там, дзе аб'ект прыняты, будаўнікам прыходзіцца вяртацца, каб выправіць недаробкі. Такая карціна стала тыповай.

Праверкі КДК выявілі нямала фактаў завышэння кошту будаўніцтва. Яны правяраюцца праваахоўнымі органамі.

Разам з тым, тэмп будаўніцтва жылля ў вобласці расце. За чатыры месяцы бягучага года на тэрыторыі Гродзеншчыны ўведзена ў эксплуатацыю 180 тысяч квадратных метраў, што складае 117 %
ад аб'ёму аналагічнага перыяду мінулага года. Урадам даведзены план — здаць да канца года 475 тысяч «квадратаў» жылой плошчы. Калі тэмпы работ застануцца на такім жа ўзроўні, заданне будзе перавыканана.

На такі ж вынік спадзяюцца прадстаўнікі будаўнічай галіны і па індывідуальнай забудове. Хоць пакуль тэмпы тут нізкія. Як паведамілі спецыялісты КДК, за чатыры месяцы насельніцтвам уведзена ў эксплуатацыю каля 290 дамоў агульнай плошчай 55 тысяч «квадратаў». Гэта значна менш, чым прадугледжваецца Дырэктывай № 8. У ёй сказана, што кожны год індывідуальнае жыллё павінна складаць не менш як 40 % ад усёй жылой забудовы. Але ёсць раёны, дзе за год будуюцца толькі два-тры дамы. Магчыма, гэта сведчыць аб непрывабнасці раёнаў, а таксама невялікім дастатку жыхароў.

Верагодна, менавіта фінансавая праблема спыняе засяленне 24 кватэр у блочных дамах у горадзе-спадарожніку Скідзелі. Кошт квадратнага метра ў іх складае 1300—1565 рублёў. І хоць у Гродзенскім раёне чарга на жыллё дасягае 1,5 тысячы чалавек, мала жадаючых набыць гэтыя дамы.

У тым ліку і з боку жыхароў абласнога цэнтра, ад якога да Скідзеля ўсяго 30 кіламетраў па магістральнай трасе.

У адпаведнасці з новымі нарматыўнымі дакументамі, кошт квадратнага метра кожнага дома павінен быць не вышэй за сярэднюю заработную плату. Па вобласці гэта 1380 рублёў. Як адзначыў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл Петух, ніводны індывідуальны дом у гэты кошт не ўкладваецца. Таму будаўніцтва ў раённых цэнтрах застаецца праблемным. З-за гэтага можа знікнуць такая спецыяльнасць, як муляр. Цяпер усяго 15-20 такіх спецыялістаў на вялікае будаўнічае прадпрыемства.

З-за падзення аб'ёмаў работ летась будаўнічая галіна панесла страту ў тры мільёны рублёў. Па словах Міхаіла Петуха, на сітуацыю значна паўплываў рост кошту будаўнічых матэрыялаў, якія падаражэлі ад 25 да 80 %. Толькі дзякуючы жыллёваму будаўніцтву ўдаецца загрузіць падрадныя будаўніча-мантажныя арганізацыі ў абласным цэнтры і раёнах.

Для вырашэння праблемы звышнарматыўнага будаўніцтва ў профільным камітэце аблвыканкама па 500 аб'ектах распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, які прадугледжвае альбо іх завяршэнне, альбо перапрафіляванне, а таксама продаж ці знос. Большасць мерапрыемстваў ужо рэалізавана. Разам з тым, з пачатку года выяўлена больш за 100 новых звышнарматыўных будынкаў.

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter.