У Вялікай Бераставіцы адкрыўся музей Вавёркі

14 октября 2014 в 10:44
Поделиться
Класснуть
Отправить

Адзіны ў Беларусі такі музей адкрыўся на адной з галоўных вуліц райцэнтра. Новы сучасны будынак упрыгожвае металічны флюгер з выявай дзвюх вавёрак на спецыяльным шпілі.

Менавіта герб гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца і Бераставіцкага раёна, у аснову якога быў узяты гістарычны герб мястэчка «Чырвоная вавёрка пад залатой каронай», і стаў адпраўной кропкай праекта раённага музея. Над яго тэматыка-экспазіцыйным планам і канцэпцыяй папрацавалі супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а таксама мясцовы  краязнаўца, лаўрэат прэзідэнцкай прэміі Мікалай Пацэнка, які і правёў першую экскурсію для гасцей і шматлікіх наведвальнікаў.

Экспазіцыя музея размяшчаецца ў чатырох залах агульнай плошчай 106 квадратных метраў. Першыя дзве залы прысвечаны вавёрцы. У адной з іх размешчана экспазіцыя сямейства вавёркавых і інтэрактыўная карта «Тут жывуць вавёркі», якая знаёміць з арэалам іх пражывання. Асобна прадстаўлена тэма «Вавёркі Беларусі». Асаблівую цікаўнасць у дзяцей і дарослых выклікае жывая шустрая вавёрачка ў прасторнай клетцы-вальеры.

Гістарычная тэматыка знаёміць з матэрыяламі раскопак на Бераставіччыне, уладальнікамі Вялікай Бераставіцы — Хадкевічамі, Мнішкамі, Патоцкімі, Касакоўскімі. Многа капійных матэрыялаў, як пячатка Бераставіцы падчас Магдэбургскага права і іншыя. Ёсць і арыгіналы — кнігі з бібліятэкі ўладальнікаў Вялікай Бераставіцы Касакоўскіх.

У музеі выстаўлены некалькі макетаў: старажытны помнік Верхаўлянскага свяцілішча XI–XII стагоддзяў і рэчы, знойдзеныя тут пры раскопках, касцёл Дзевы Марыі, палац Касакоўскіх, а таксама манекены гусар часоў Інфлянцскай вайны (канец XVI ст.) і вайны 1812 года.

Чацвёртая зала прадстаўляе падзеі Першай і Другой сусветных войнаў, а таксама вядомы Бераставіцкі кірмаш.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Павел Скрабко заўважыў, што музей Вавёркі — своеасаблівы брэнд для развіцця турызму не толькі на Бераставіччыне, але і ў рэспубліцы.

Аб адкрыцці раённага музея паклапацілася мясцовая ўлада на чале са старшынёй райвыканкама Антонам Кулісевічам, яго намеснікам Сяргеем Чыкуном. Будаўнікі Бераставіцкай ПМК-141 узвялі прыгожы сучасны будынак. Дапамаглі і мясцовыя спонсары.

Дарэчы, музей аб’явіў конкурс сярод наведвальнікаў на лепшую мянушку для жывой вавёркі. Пераможцу чакае ўзнагарода.

Гродненская правда

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Гродно? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.