Сам-насам з кліматам

Информация неактуальна
Поделиться
Отправить
Класснуть

23 лістапада 2016 года ў Гродзенскай выставачнай зале (вул. Ажэшкі, 38) у рамках афіцыйнага візіту Пасольства Швецыі ў Гродна і Гродзенскую вобласць пачынае працаваць шведска-беларуская выстава «Сам-насам з кліматам». Выстава падрыхтавана пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь і Шведскага Інстытута.

Выстава «Сам-насам з кліматам» злучае класічны жанр карыкатуры з актуальнымі практыкамі і рознымі медыя (фатаграфія, калаж) сучаснага мастацтва і становіцца асновай камунікацыі без межаў, у тым ліку моўных. Гэты праект, мэтай якога з’яўляецца абмеркаванне прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства і распаўсюджанне ведаў пра экалагічныя праблемы, стартаваў у Швецыі яшчэ ў 2010 годзе і за 5 год ахапіў больш за 30 краінаў, у тым ліку Беларусь, Грэцыю, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, Украіну, Расію, Бразілію, Кітай і многія іншыя.

У гэтым годзе амбіцыйны праект Шведскага Інстытута фінальна рэалізаваўся ў буйной публікацыі — ілюстраваным альбоме, які з’яднаў мастацкія і дыскурсіўныя разважанні прафесіяналаў розных краінаў свету. У альбом патрапілі працы 6-ці беларускіх мастакоў: Рамана Сустава, Кацярыны Марціновіч, Алега Карповіча, Вольгі Сазыкінай, Сяргея Волкава і Антаніны Слабодчыкавай.

У рамках міжнароднага праекта «Сам-насам з кліматам» і з нагоды выпуску мастацкага альбома ў Гродзенскай выставачнай зале з 23 лістапада па 18 снежня пройдзе аднайменная шведска-беларуская выстава. Выстава складаецца з дзвюх частак, уключае творы беларускіх мастакоў і шведскіх карыкатурыстаў і ўяўляе сабой візуальны шэраг экспазіцыі, якая даступным спосабам уздымае перад гледачом пытанні зменаў клімату і іншых экалагічных выклікаў сучаснасці.

У рамках выставы «Сам-насам з кліматам» пройдзе таксама фотавыстава гродзенскага фотамастака Сяргея Курылы і выстава-конкурс дзіцячага плакату “Экалагічная мазаіка”, падрыхтаваная навучэнцамі дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Гродна.

Выстава будзе адкрытая для наведнікаў з 23 лістапада па 18 снежня 2016 г.

Графік працы: з 10:00 да 19:00
Выхадны: панядзелак.

Кошт квітка:

  • дзіцячы — Br1,00 (=10.000),
  • студэнцкі — Br1,50 (15.000),
  • дарослы — Br2,00 (20.000).