31 сакавіка ў гродзенскім грыль-бары Grizzly адбылася прэзентацыя новага альбома лідара гурта N.R.M. Піта Паўлава «Зброя. Золата. Кабеты».
Ня стану крывіць душою, чакала сустрэчы з апаскаю. Так, часам я станаўлюся адным з тых нязносных рэтраградаў, што цяжка прымаюць новае (асабліва калі старое любяць усім сэрцам). Яшчэ перад выступам пачула ад Піта фразу:
«Мы не творчыя людзі. Мы проста так жывем».
І яны, гэтыя словы, вызначылі ўвесь вечар. Сапраўды, ці можна назваць творчасць нейкай характарыстыкай, калі гэта тое, чым ты жывеш?
Моцны гук гітары, голас з надрывам і рытмічнасць бубнаў нараз адкінулі ўсе сумнёвы. «Зброя. Золата. Кабеты» — нешта якасна новае. Ды і сам альбом не звычайны ужо сваім фарматам — гэта саўндтрэк да фільму, цэлы тэатральна-музычны праект і, як гаворыць сам Піт, спроба ўкласці жыццё ў музычны альбом.
Лірычны герой — кантрабандыст 1920-х гадоў. Ён любіць свабоду, ён кахае і верыць ва ўласныя сілы. Авантурызм, прага да жыцця і рамантыка. Усе разам — гэта «Зброя. Золата. Кабеты». Вар'яцкая сумесь. Гісторыя. Драйв. Эмоцыі.
Падчас выступлення ў Grizzly не было свабодных месцаў, што нядзіўна: у зале панавала атмасфера прыязнасці і адзінства. Настрой так жа дапамаглі стварыць таленавітыя беларусы — праект «Вочы» і гурт «Раса мечтателей», якія выступалі на разагрэве. Абодва калектыва, дарэчы, граюць прыгожую і месцамі медытатыўную музыку.
Піта і каманду «адпусцілі» толькі пасля песні на біс. Але яшчэ доўга слухачы трымалі шчыльнае кола каля сцэны, каб зрабіць сэлфі і паразмаўляць з выступоўцамі. А ў зале тут і там чуліся галасы: «Выдатны вечар!», «Так, лепшы за доўгі час».
Зараз Піт шукае грошы на запіс альбому праз краўндфандынгавую платформу Ulej.by, дзе кожны неабыякавы чалавек можа праспансаваць цікавае пачынанне і атрымаць за гэта ўзнагароджанне.
Ксенія Трафімовіч
Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Гродно? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.